“Да пабачэння, ойча!”, альбо сказ аб крыжы на Шчары

Сьвятары асьвяцілі помнік на месцы захаваня бязвінна забітага іярэя Нікандра Гаскевіча.

27 кастрычніка 2017 года, напярэдадні Дзімітраўскай памінальнай суботы, сьвятары Шчучынскага благачыння адслужылі чын асьвячэння новапабудаванага крыжа на магіле бязвінна забітага ў верасні 1939 года настаяцеля Свята- Троіцкай царквы в. Шчара іярэя Нікандра Гаскевіча.

Узначаліў малітву благачынны Шчучынскай акругі іярэй Аляксандар Пасцярняк у саслужэнні сьвятароў Дзімітрыя Бялоцкага, настаяцеля храма Благавешчання г. Ваўкавыск, Сергія Сямашкі, клірыка храма Сьвятога Архангела Міхаіла г. Шчучына, Ігара Марчыка, настаяцеля Свята-Пакроўскай царквы в. Орля, і Сергія Раманко, настаяцеля храма Нараджэння Прасьвятой Багародзіцы в. Ракавічы.

Падзяліць малітву з сьвятарамі збраліся і жыхары в.Воля Крупіцы Алена Сцяпанаўна Крупіца і Сяргей Пятровіч Баклага. Мала людзей прыйшло, падумаеце Вы? Ад настаяцеля Свята-Пакроўскай царквы в. Орля айца Ігара мы даведаліся, што прыйшла …крыху меньшая палова вёскі; прыйшлі тыя, хто можа хадзіць.

- Вялікія словы падзякі хачу сказаць усім Вам, дарагія, за тое, што захоўваеце добрую памяць аб сумных старонках жыцця нашай Радзімы, - звярнуўся па завяршэнні малітвы благачынны Шчучынскай акругі іярэй Аляксандар Пасцярняк.- Дзякуй за тое, што паказалі і не забылі магілу. На самой справе, хоць і горкі, але гэта ўрок нашай гісторыі. Дзеля міранага жыцця і будучыні мы не маем права забываць пра такое!

- Наогул, - гаворыць сьвятар з Орлі айцец Ігар,- хачу сказаць шчырыя словы падзякі ўсім тым, хто прыняў удзел у захаванні памяці пра айца Нікандра. На помнік шукалі сродкі, як кажуць, усім сьветам. Дапамаглі сьвятары Шчучынскага благачыння. Ахвяраваліся на гэту справу протаіярэй Аляксандар Велісейчык (г. Гродна) і протаіярэй Аляксандар Шашкоў (в. Мількавічы), вяскоўцы збіралі грошы. Да гэтага моманта на магіле стаяў толькі просты драўляны крыж. Доўгі час само месца захавання не было вядома. Але ж людзі не забылі. Дзякаваць Богу, адбылося тое, што падказвала зрабіць наша сумленне!

- На жаль, вельмі мала звестак захавалася пра жыццё іярэя Нікандра Гаскевіча, - уступае ў размову айцец Дзімітрый Бялоцкі. - У адным з прыхадскіх архіваў ёсць лісточкі з Кнігі шлюбных доследаў, напісаныя рукой забітага сьвятара. Але ж адтуль зусім нельга ўзяць ніякіх біяграфічных звестак пра яго.

Дарэчы, вельмі цікавыя артыкулы аб лёсе архіва і храма, дзе служыў айцец Нікандар, пра крынічку побач з тым месцам і Хрэсныя Хады да яе ёсць на сайце Гродзенскай епархіі. Няма жадання паўтараць гэтую інфармацыю. Раім усім зацікаўленым прачытаць іх.

Знайсці ж помнік на месцы захавання бязвінна забітага сьвятара Нікандра Гаскевіча на могілках у в. Воля Крупіцы Мастоўскага раёна даволі проста. Для гэтага дастаткова прыехаць сюды і зьвярнуць увагу на невялікія могілкі на маляўнічым узбярэжку Шчары. Значна складаней будзе знайсці адказ на пытанні аб тым, якім чалавекам быў сьвятар Нікандар Гаскевіч?...хто і за што…? Менавіта аб гэтым нам удалося пагутарыць з вяскоўцамі.

Алена Сцяпанаўна Крупіца (жыхарка в. Воля Крупіцы):

- Сама я родам з суседняй вёскі і пра тое, як і хто забіваў айца Нікандра не магу сказаць. Ведаю толькі, што ён быў добрым чалавекам! Да яго добра адносіліся і ён да людзей! А вось мужык мой спачылы Віталій Ігнаццявіч Крупіца казаў, што вялі бацюшку разам з панам Далідай на растрэл пяць чалавек. Гэта не былі прыезжыя. Не….З нашых вёсак людзі. Ён (мужык мой) у той момант дапамагаў коньмі поле гараць. Вельмі спужаўся. А што, падлеткам яшчэ быў. Але добра запомніў, як прыгожа і голасна спяваў царкоўныя песні па дарозе ў той момант айцец Нікандар…Ой, як голасна спяваў…Нажаль, нічога не магу сказаць пра яго сямью… Не ведаю.

Сяргей Пятровіч Баклага (жыхар в.Воля Крупіцы):

- Бацюшку Нікандра я добра помню. Хоць і малым быў, але ж наведваў школку вясковую. А айцец Нікандар кожны аўторак і пятніцу прыязджаў да нас весці заняткі. Вучылі малітвы, пра сьвет Божы і яго стварэнне апявядаў нам. Добры быў чалавек, нічога дрэннага сказаць аб ім не магу, каб і хацеў. Жыў каля храма. Зямля была ў яго, сам працаваў і людзі… Вось там нават (паказвае рукою,- прым.С.С.) ёсць месца, што называецца паміж намі Грудак Папоўскі. Увесь час, са старыны, гэта была сьвятарская зямля. Затым усё у калгас трапіла… Не магу сказаць, каму спатрэбілася яго забіваць? Але ж, ведаеце, які час тады быў? Улада змянілася, …страшна было. Добра, што во - магілку запомнілі, дзе яна знаходзіцца.

У пошуках адказа на пытанні мы, неўзабаве, на аўтамабілі айца благачыннага накіравалі шлях у яшчэ адну зусім маленькую вёсачку, раскінуўшую свае хаткі ўздоўж берагоў Шчары. Жыве там, сярод пустых сялянскіх сядзіб, старэнькі і крыху падслепаваты дзед Міхась са сваёй глухой бабулькай. Але гэты дзед, 1929 года нараджэння, з’яўляецца адным з пяці дзяцей Філіпа Васільевіча Чартока, панамара забітага айца Нікандра. Міхаіл Філіпавіч Чарток аказаўся вельмі прыемным субяседнікам. Негледзячы на старасць, ён завахаў грунтоўнасць разважанняў і прыемную усмешку. Вельмі цікава гутарыць з такімі людзьмі на любую тэму. І вось што ён нам паведаміў:

- У той час, як вялі доўгім шлахам на растрэл (па ўсёй весцы і ўскрайку поля) айца Нікандра, я быў яшчэ хлапчуком. Таму і гаварыць магу толькі пра тое, што пачуў ад свайго бацькі. А ён як раз нешта рабіў ля хаты па гаспадарцы. Як убачыў, што вядуць з ружжамі ў спіну бацюшку, пана Даліду і яшчэ аднаго чалавека (нажаль, не прыпомню імя), то спыніўся…Айцец Нікандар спяваў малітвы ўвесь час. Бацька, зразумеўшы ў чым справа, падняў руку, памахаў ім і сказаў: ”Да пабачэння, ойча!”…(крыху засмутіўся,- прым. С.С.)

Я ж хлапчуком малым у школку хадзіў да яго. Айцец Нікандар выкладаў нам Закон Божы, малітвы вучылі. Заняткі ён вёў заўсёды на баларускай мове. Гэтак жа і размаўляў з намі. Некаторым вучням з суседніх вёсак далёка было хадзіць, пяць- сем кіламетраў. Дык бацюшка ў дачыненні да нас такую методыку часам выкарыстоўваў: калі хто добра вывучыць малітвы - возьме з сабаю ў брычку, падвязе. А як не, дык пеша ійшлі да дому. Вось….

Пасля растрэлу іх целы там жа, пры лесе, крыху закапалі. Але доўга там яны не ляжалі. У гэтую ж восень сяляне іх адкапалі і пераняслі на могілкі ў в. Воля Крупіцы. Пана Даліду сваякі, мне здаецца, на Слонімшчыну захаваць павезлі. …У айца Нікандра шмат зямлі было. Канешне ж, былі і тыя, хто зайздросціў. Але што цяпер казаць?...Час тады вельмі не просты быў.

Я добра помню, як уцякалі ад улады савецкай палякі з нашых мясцін. Да маста праз Шчару нават танк падагналі. Мы дзецьмі бегалі глядзець на гэта цуда тэхнікі. Але сярод вяскоўцаў маіх палякаў не было, таму і танка не баяліся. Затым прыйшоў 41 год. Добра помню, як 22 чэрвеня ляцеў над стрэхамі хат нямецкі самалёт. Вочарадзь з пулямёта лёгка прабівала саламяныя дахі. Адной дзяўчынцы, вунь з тых хат (пакзвае рукой, - прым.С.С.) пулі ногу паранілі. А потым немцы і яе, і ўсіх астатніх дзяўчат вывязлі; каго ў плон, каго растралялі. Больш за ўсё людзям у нашых вёсках дасталося яшчэ і ад бандэраўцаў. Усю ежу пазнаходзілі, ўсё забіралі… Што тут упсамінаць?.....(цяжка ўздыхае). Так і жылі!

Перад тым, як пакінуць гэтыя надзвычайна маляўнічыя, прыгожыя і сумныя мясьціны, мы вырашылі прайсьці праз вёску тым самым шляхам, якім ійшоў у свой апошні прытулак і айцец Нікандар з братамі па веры.

Канешне, гэта быў не той самы шлях у духоўным парузуменні слова. Яго нельга паўтарыць. У кожнага ён свой. Але напоенае салодкім восеньскім водарам тутэйшае паветра ўвесь час нагадвала нам аб тым, якое, на самрэч, кароткае жыццё чалавека. І за гэты кароткі перыяд кожны павінны імкнуцца вось тут, на сваёй зямлі, навучыцца жыць так, каб знайсці Жыццё Вечнае. Думаецца, што сьвятар Нікандар Гаскевіч паспеў гэта зрабіць. Нам ёсць урок, а яму- вечная памяць!

Да пабачэння, ойча!

Сьвятар Сергій Сямашка, клірык храма Сьвятога Архангела Міхаіла г. Шчучына

Фота аўтара

P.S: Паважаныя сябры! Калі хто з Вас валодае звесткамі аб жыцці і служэнні сьвятара Нікандра Гаскевіча, просім падказаць! Кантакты ёсць на сайце епархіі.

Фотографии: 

Разделы сайта:

Главное меню

Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut