К 100-летию Свято-Покровского кафедрального собора г.Гродно

Гісторыя Свята-Пакроўскага cабора

Продолжение. Начало в №9,2006

“За польскім часам”

Няма ў гэтым свеце нічога вечнага. Так і дынастыя Раманавых, толькі паспеўшы так пышна адсвяткаваць трохсотгоддзе свайго праўлення, канула ў лету. Складаныя вайсковыя, палітычныя падзеі разгарнуліся на беларускай зямлі. Апісваць іх цяпер не наша задача. Галоўнае, што ў выніку ператрусаў Гродна апынуўся зусім у іншай, неправаслаўнай дзяржаве – Польскай рэспубліцы.

Калі Гродна апынуўся ў новастворанай Польскай дзяржаве, новае кіраўніцтва адразу пачало ўмешвацца ў рэлігійныя пытанні жыцця краю і горада. Палякі-католікі выдатна памяталі негатыўнае, абмежавальнае стаўленне да сябе ў царскія часы і цяпер пацягнулі коўдру на сябе.

Адразу ж Сафійскі кафедральны сабор быў вернуты каталіцкай царкве, якой належыў з моманту пабудовы і да 1808 года. Такім чынам, Пакроўскі сабор, як самы вялікі, атрымаў статус кафедральнага. Менавіта тады у яго перанеслі з Сафіі цудатворную ікону Казанскай Маці Божай (распавядаюць, што падчас першай сусветнай вайны абраз хацелі вывезці ўглыб Расіі, але яго не ўдалося нават пасунуць з месца. Тады ж у ім з'явілася трэшчына, якая захавалася і цяпер). Таксама ў сабор былі перанесены абраз велікапакутніка Панцелеімана (быў падораны Афонскімі манахамі ў ХІХ стагоддзі) і яшчэ шмат іншых каштоўных сэрцам вернікаў рэчаў.

Потым, у 1938 годзе, палякі разабралі Аляксандра-Неўскую царкву, што стаяла на сённяшняй плошчы Тызенгауза. Магчыма, што і з яе нетраў нейкія каштоўныя рэчы трапілі ў Пакроўскі сабор.

Такім чынам, сабор апынуўся ледзь не адзінай непахіснай духоўнай цвержай таго часу. Яго настаяцель айцец Ананій (Сагайдакоўскі) (быў настаяцелем з верасня 1934 па 1938 гады) стаў ініцыятарам пабудовы для абраза Казанскай Маці Божай невялікай каплічкі з левага боку ад цэнтральнага ўвахода. Настаяцель сабраў сродкі і займаўся ўладкаваннем каплічкі. Усё гэта заняло адзін год, і ў 1936 годзе каплічка была адчынена.

Больш за тое, у тым жа 1936 годзе айцец Ананій заклікаў вернікаў збіраць медзь для вырабу новага саборнага звана. Амаль кожны прыхаджанін нёс у сабор ці то медныя манеты, ці то нейкія старыя вырабы. Усе гэта рупліва сабралі і адправілі ў Кракаў, дзе і быў адліты новы звон вагай у 100 пудоў. Яго прывезлі ў Гродна цягніком, а ад вакзалу з Хрэсным ходам перанеслі ў сабор. Улады імкнуліся ўсяляк перашкодзіць шэсцю, баючыся, што яно можа нейкім чынам выйсці з-пад кантролю. Але вернікі ішлі так арганізавана, што нават не перашкодзілі руху па вуліцы Ажэшка. Асабліва няўтульна на гэтым свяце адчувала сябе польская паліцыя, пастарунак якой знаходзіўся якраз насупраць сабору. Большасць паліцэйскіх была прыслана сюды з заходніх і паўднёва-заходніх раёнаў Польшчы, і яны не вельмі разумелі сэнс таго, што адбывалася. У прытворы храма звон быў асвячоны і ўсталяваны на званіцу.

У 30-я гады пры саборы была арганізавана нядзельная школа, заняткі якой праходзілі ў галоўным нефе сабора. [1]

Настаяцель протаіерэй Ананій разам з паплечнікамі, сярод якіх былі члены кансісторыі Аляксандр Світыч і Ўладзімір Панцялевіч, з мэтай адпору паланізатарскім памкненням праўрадавага руху “Праваслаўных палякаў” у строга канспіратыўнай форме ўзнавілі дзейнасць Праваслаўнага Сафійскага брацтва. На жаль, арганізацыя праіснавала няшмат часу – да адстаўкі Ананія ў 1938 годзе. Наступны настаяцель, а ім стаў айцец Фёдар (Валікоўскі) ставіўся да “Праваслаўных палякаў” куды больш лаяльна. [2]

Айцец Фёдар нарадзіўся ў 1876 годзе ў сяле Целяцін Тамашэўскага павета Люблінскай губерні ў сям'і псаломшчыка, скончыў Духоўную семінарыю. У Гродна прыехаў у 1935 годзе з Лодзі, дзе служыў настаяцелем сабору 23 гады (з 1912 года). Пасля ад'езду епіскапа Георгія (Барышкевіча) некалькі месяцаў быў епіскапам Гродзенскім. 2 студзеня 1945 года яму было прадстаўлена абвінавачванне ў тым, што пры немцах ён праводзіў антысавецкую і пасобніцкую дзейнасць. Па судзе быў высланы ў сяло Ярцава Краснаярскага краю. Пасля вяртання з высылкі ў 1949 годзе быў прыняты ў Жыровіцах, дзе нейкі час выкладаў у семінарыі. Памёр у пачатку 50-х гадоў. [3]

Пасля смерці польскага маршала Пілсуцкага ў 1935 годзе ў саборы ўпершыню была адслужана заўпакойная за душу каталіка і з прамовай на польскай мове. Такім было патрабаванне польскай улады. Зрэшты, гэта была прыкмета часу. Паланізатарскія захады праніклі ўжо і ў царкоўнае жыццё. Шмат у якіх праваслаўных прыходах хоця б раз на тыдзень служба вялася па-польску. У гэты час вернікі пакідалі храмы, заставаліся адзінкі, збольшага чынавенства.

17 верасня 1939 года Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую мяжу, каб узяць пад свой кантроль тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Ужо 18 верасня на прадпрыемствах Гродна рабочыя пачалі фарміраваць чырвонагвардзейскія атрады, якія разам з вызваленымі з гродзенскай турмы палітвязнямі пачалі, не чакаючы падыхода савецкіх войскаў раззбройваць польскую паліцыю. Але адразу ж сфарміраваныя гарадскімі ўладамі карныя атрады пачалі арышты паўстанцаў. Пры гэтым было забіта 25 чалавек. Сілы былі няроўнымі, і паўстанцы не здолелі доўгі час процістаяць паліцыі, таму паўстанне да надыходу Чырвонай Арміі было падаўлена. Кажуць, што апошнім будынкам, дзе трымалі абарону сапраўдныя камуністы, быў менавіта наш сабор. Яго ўзялі штурмам. Праўда, ёсць яшчэ адна версія падзей: у саборы хаваліся не камуністы, а простыя ўгалоўнікі, што вырваліся з палітвязнямі з-за крат. [4]

У савецкай таталітарнай дзяржаве

Першыя гады савецкай улады прынеслі суцэльную секулярызацыю як у гаспадарчым, так і ў маральным сэнсах. Але спакою не было наканавана доўжыцца шмат. Праз паўтары гады пачалася Вялікая Айчынная вайна.

Гітлераўскі ўрад ставіўся да царкоўных пытанняў куды больш лагодна, чым савецкі. Але падчас нямецкай акупацыі была выдана пастанова, якая забараняла правядзенне богаслужэнняў у будзённыя дні, а ў нядзелю яны павінны былі канчацца не пазней за восем гадзін вечара. Тым не менш, Гродзенскі епіскап Венедзікт Бабкоўскі шматлікімі наведваннямі камендатуры дабіўся дазволу на штодзённыя малебны ў саборы. Так што падчас вайны ён таксама стаў адзіным у сваім родзе рэлігійным цэнтрам у краі. [5]

16 ліпеня 1944 года Гродна быў вызвалены Чырвонай Арміяй. З вызваленнем горада ў Пакроўскі сабор былі перанесены мошчы святога мучаніка дзіцяці Гаўрыіла Беластоцкага.

Пасляваенны перыяд пакінуў у жыцці Гродзенскай епархіі балючы адбітак: арышты, вобыскі ды судовыя пераследы праваслаўных святароў набывалі ў гэтыя гады насамрэч надзвычайны характар. Толькі у пачатку лістапада-снежня 1944 года былі арыштаваныя савецкімі органамі амаль усе пастыры Пакроўскага сабора. Арышты ішлі і ў іншых прыходах епархіі. Першым са святароў сабору быў арыштаваны рэгент-святар Фёдар (Выбарнаў) 18 лістапада. Наступнымі сталі настаяцель Фёдар (Валікоўскі) і протадыякан Філіп (Рубан). Была арыштавана ўся маёмасць святароў.

Арышт айца Фёдара Выбарнава быў абумоўлены не толькі наяўнасцю кампрамата аб ягоным служэнні пры немцах, але і звесткамі аб мінулай службе яго ў царскай і белай арміях, кантактах з рускімі палітычнымі арганізацыямі ў 20-30-х гадах. Пры вобыску ў святара былі забраныя ў якасці рэчавых доказаў некалькі праваслаўных календароў польскага і нямецкага перыядаў, статут пенсійнай касы праваслаўнага духавенства ў Польшчы, газета “Известия Варшавской митрополии” ад 28.05.1939 (1 асобнік), фотаздымкі мясцовага духавенства (19 асобнікаў) і перапіска з рознымі асобамі. Толькі падчас суда высветлілася, што яго кватэра выкарыстоўвалася для продажу сяльгаспрадуктаў сувязной партызанскага атраду Забеліна А.Л. Шамялоўскай. Больш за тое, дзякуючы яму былі выратаваны ад расстрэлу жыхары вёскі Жытомля. Ён нават пападаў пад арышт пры немцах, але яго адпускалі. Савецкі ж суд “узнагародзіў” святара 10 гадамі лагераў.

Настаяцелю Фёдару былі прад'яўленыя абвінавачванні ў антысавецкай дзейнасці і сувязях з гестапа. Канешне, святар і не хаваў, што не быў прыхільнікам савецкай улады, цудоўна ведаючы аб масавых рэпрэсіях і ваяўнічым атэізме. Але пры гэтым ён у 1941-1942 гадах шмат разоў наведваў лагеры для савецкіх ваеннапалонных, насіў параненым гародніну. Падчас Вялікадня ён наведваў усіх савецкіх салдатаў са словамі: “Жадаю ўсім вам вярнуцца дамоў і хуткага сканчэння вайны”. Пря гэтым ён усім раздаваў яйкі. А яшчэ раней, у 1941 годзе, калі ў Гродна пачалі паступаць яшчэ толькі першыя параненыя і ваеннапалонныя, Валікоўскі ў саборы звяртаўся да вернікаў з прапановай, каб яны прыносілі гэтым людзям літаратуру рэлігійнага зместу, падкрэсліваючы, што “менавіта цяпер ім патрэбна духоўная ежа, бо раней яны яе ў савецкай Расіі не мелі”. [6] Тым не менш яго чакала ссылка ў Краснаярскі край.

Цяжкую саму па сабе і небяспечную ў новыя часы ношу настаяцеля ўзяў на сябе замест асуджанага Фёдара Валікоўскага айцец Уладзімір (Бяляеў). Ён нарадзіўся 4.06.1903 у вёсцы Блошнікі Віцебскай вобласці. Скончыў Віленскую Духоўную семінарыю і багаслоўскае аддзяленне Варшаўскага універсітэту, Маскоўскую Духоўную Акадэмію. Быў рукапалажоны 29.06.1928, быў ваенным капеланам польскай арміі. Пасля вайны служыў у Алекшыцкай царкве Бераставіцкага раёну. З верасня 1946 па снежань 1953 года быў настаяцелем сабора, потым ад'ехаў у Тулу да епіскапа Сергія. З 1978 – епіскап Вільнюсскі. Памёр сталым чалавекам 16 сакавіка 1990 года. [7]

Пасля вайны ўлады ўсталявалі без перабольшвання антырэлігійны тэрор. За наведванне царквы, касцёла маглі звольніць з працы, выключыць з інстытуту. Царкве рабіліся ўсе магчымыя перашкоды ў ажыццяўленні яе функцыяў. Ціск ішоў адразу па ўсіх напрамках: абкладалі велізарнымі падаткамі, не дазвалялі праводзіць святочныя богаслужэнні і Хрэсныя хады, далучалі да адказнасці вернікаў і г.д.

І ўсё ж людзі хадзілі ў сабор. Напрыканцы 1940-х – 1950-х гг. рэлігійныя святы праводзіліся ў Гродне пры вялікіх наплывах вернікаў. У 40-х гадах шырока практыкаваліся Хрэсныя хады. Напрыклад, на Хрышчэнне Хрэсны ход праходзіў праз увесь горад. Пачынаючыся ад сабора, ён працягваўся да Нёмана, дзе епіскап асвячаў ваду. У гэтым шэсці прымалі ўдзел 4 – 5 тысяч чалавек. [8]

Пазней, нягледзячы на забароны Хрэсных хадоў і ўрачыстых малебнаў на буйныя святы, акрамя ўсяночных, напрыклад, у 1950 годзе на Вялікдзень вакол храма быў арганізаваны Хрэсны ход. Гэта падзея выклікала абурэнні з боку савецкіх афіцэраў (хаця, дарэчы, зафіксаваны выпадкі, калі яны хрысцілі сваіх дзетак тут жа), тым больш што Дом афіцэраў стаяў насупраць. Потым кіраўніцтва горада ўстроіла за гэта разнос настаяцелю. Яго не знялі з пасады, але сказалі, што, калі б такое адбылося ў нейкім перэферыйным прыходзе, яго хутчэй за ўсё б зачынілі. Усё ж савецкая ўлада баялася масавага абурэння праваслаўных. [9] Гэта быў, дарэчы, першы год, калі вернікі абыйшлі сабор толькі адзін раз, а не тры, як раней, таксама ўпершыню не запускалі ракеты.

На навагоднюю службу 1952 года, якую праводзіў архіепіскап Мінскі і Беларускі Піцірым, у сабор прыйшло 1 600 чалавек – амаль у 10 разоў болей, чым звычайна. [10] Цікава, што ў пачатку 50-х гадоў прыкладна 10-15 % усіх прысутных на ўрачыстых малебнах складалі чамусьці савецкія чыгуначнікі, якія прыходзілі ў сваёй параднай форме.

Автор благодарит Дмитрия Лютика за большое количество ценных сведений

Продолжение следует. 

Степан СТУРЕЙКО

1 Православный Гродно (автор и составитель Н. Дорош). – Гродно, 2000, - с. 160

2 Черепица В.Н. Очерки истории православной церкви на Гродненщине. Часть 2. – Гродно, 2005, - с. 42

3 Черепица В.Н. Очерки истории православной церкви на Гродненщине. Часть 1. – Гродно, 2000, - с. 189, 256

4 Werbicki M. Polacy I bialorusini w zaborze sowieckim. – Warszawa: Oficyna wydawnicza volumen, 000, - s. 133

5 Черепица В.Н. Очерки истории православной церкви на Гродненщине. Часть 1. – Гродно, 2000, - с. 184-197

6 Черепица В.Н. Очерки истории православной церкви на Гродненщине. Часть 1. – Гродно, 2000, - с. 184-197

7 http://www.ortho-rus.ru/cgi-bin/ps_file.cgi?2_1145

8 ГАГО, ф. 478, оп. 2, д. 1, л. 3.

9 Православный Гродно (автор и составитель Н. Дорош). – Гродно, 2000, - с. 219

10 ГАГО, ф. 478, оп. 1, д. 69, л. 1.

на главную страницу
сайта Гродненской епархии