К 100-летию Свято-Покровского кафедрального собора г.Гродно

Гісторыя Свята-Пакроўскага cабора

Окончание. Начало в №9,2006
№10, 2006

Гнёт царквы з боку ўлады быў трошкі сцішаны пасля прыняцця пастановы ЦК «Аб памылках у правядзенні навукова - атэістычнай прапаганды сярод насельніцтва» ад 11 лістапада 1954 года.

У гэты час настаяцелем сабору замест ад ' ехаўшага Уладзіміра Бяляева стаў айцец Уладзімір ( Пілінога ). Ён нарадзіўся ў 1911 годзе . Скончыў багаслоўскае аддзяленне Варшаўскага універсітэта . Быў рукапаложаны ў 1934 годзе , з 7.12.1953 па 1956 год быў настаяцелем . Потым быў протаіерэем Кастрамской епархіі . Памёр 23 студзеня 1975 года . [1]

Як бачна , Уладзімір Пілінога прабыў на пасадзе няшмат часу і быў хутка заменены айцом Анатолем ( Пятроўскім ). Ён таксама нарадзіўся ў 1911 годзе . Скончыў Ваўкавысскую гімназію і багаслоўскае аддзяленне Варшаўскага універсітэта . Быў рукапаложаны 21.11.1943. З 1945 года служыў у Занёманскай царкве ў Гродна, потым з 1956 года быў настаяцелем сабору да 1963 года.

У 1962 годзе быў забаронены саборны звон, замест штодзенных службаў яны праводзіліся толькі 3 разы на тыдзень і з боку ўлады рабілася ўсё, каб зменьшыць гэтую колькасць да двух разоў. Настаяцель айец Анатоль нават спыніў чытанне пропаведзяў. [2]

З бегам часу даходы сабора падалі, а гады давалі аб сабе ведаць. Ужо настаяцелі Бяляеў і Пілінога выклікалі незадавальненне вернікаў з-за таго, што не рамантавалі сабор, пры тым, што пачаў адвальвацца тынк. Таму наступны настаяцель Анатоль Пятроўскі ў 1958 годзе звярнуўся да ўлад з просьбай аб дазволе пабудаваць побач з саборам двухпавярховы будынак (першы паверх – склад, другі – кватэры для святароў. У 1959 годзе царкоўны савет дабіўся выдзялення зямлі на пабудову складскіх памяшканняў і прыбіральні.

Гарадскі архітэктар Маркар'ян распарадзіўся пачаць рамонт і будаўніцтва. Згодна плану, сабор павінны былі пафарбаваць у два колеры – выступаючыя часткі фасадаў у белы колер клеевымі фарбамі, а западаючыя – ў зялёны (салатавы) маслянымі фарбамі. Дах і металічныя часткі акон і дзвярэй – ў цёмна-зялёны колер маслянымі фарбамі. Цыбуліны належала пакрыць сусальным золатам, першапачаткова ачысціўшы ад пылу і бруду. Двор уладкоўвалі, рабілі цёмна-зялёную металічную агароджу па перыметры.

Аднак гэтае рашэнне таксама сустрэла процідзеянне з боку ўлады – справа ў тым, што такія рамонтныя работы да гэтага былі праведзены ў горадзе толькі ў Палацы тэкстыльшчыкаў і лічыліся досыць шыкоўнымі. Гэта пры тым, што сродкі на рамонт дзяржавай не выдзяляліся, а планавалася ўсё зрабіць на царкоўныя. Тым не менш, дазвол на работы быў атрыманы толькі праз год. [3]

За тыя гады, што яшчэ заставаліся савецкай уладзе існаваць, у саборы паспелі змяніцца два настаяцеля – спачатку гэта быў айцец Барыс (Піліхоўскі), які нарадзіўся ў 1904 годзе, скончыў Віленскую Духоўную семінарыю, быў настаяцелем з 1964 па 1966 гады, а потым – сакратаром епархіі.

Апошнім “савецкім” настая-целем стаў айцец Уладзімір (Урлік). Ён нарадзіўся ў 1933 годзе і быў настаяцелем з 1973 па 1992 гады. Сам сын святара, у 1954 годзе ён быў рукапаложаны мітрапалітам Піцірымам, на працягу амаль дваццаці гадоў служыў настаяцелем невялічкіх вясковых цэркваў на Гродзеншчыне і Міншчыне, пакуль не апынуўся ў Пакроўскім саборы.

Так паціху, праз духоўны заняпад і галечу, праз пранізваючы ўсе сферы жыцця ідэалагічны маразм апошніх дзесяцігоддзяў, ішла новая савецкая імперыя да свайго скону.

Найноўшая гісторыя 

Разам з атрыманнем незалежнасці Беларусі ў краіне быў уведзены новы царкоўна-тэрытарыяльны падзел. Была створана новая Гродзенская епархія, а Свята-Пакроўскі сабор ізноў стаў кафедральным.

Лягчэй стала дыхаць вернікам, вялікімі тэмпамі пайшла праца ў саборы, людзі паспявалі зрабіць тое, што было немагчыма ў мінулыя гады.

Так, напрыклад, Марфінская царква на старых праваслаўных могілках у Гродне напрыканцы 80-х гадоў нарэшце была перададзена праваслаўным вернікам і ў жніўні 1990 года на сродкі Пакроўскага сабора фірмай “Дэкор” былі распачаты рэстаўрацыйныя работы, якія завершыліся ў ліпені наступнага года. Таксама былі прыведзены ў належны стан магілы вакол гэтай царквы. [4] Царква да цяперашняга часу працуе спраўна.

У 1992 годзе святыя мошчы мучаніка дзіцяці Гаўрыіла Беластоцкага былі перададзены з сабора ў Беласток (у саборы засталася толькі іх святая частачка).

Напрыканцы снежня 1993 года традыцыя памінавення загінуўшых воінаў была прадоўжана – ў саборы адбылося ўрачыстае асвячэнне і адкрыццё новай мемарыяльнай дошкі ў памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія загінулі ў Афганістане ў 1979-1989 гадах. На ёй напісана наступнае:

«Воины Гродненского гарнизона, погибшие в Афганистане 1979-1989:

Майор Тетюхин Вячеслав Васильевич
Капитан Бабко Валерий Владимирович
Капитан Кузовлев Геннадий Григорьевич
Капитан Корней Сергей Сергеевич
Лейтенант Бардан Геннадий Николаевич
Лейтенант Гладышев Константин Иванович
Прапорщик Блохин Алексей Васильевич
Прапорщик Рыбаков Николай Николаевич
Старший сержант Чигер Станислав Станиславович
Сержант Барановский Валерий Эдуардович
Рядовой Близнец Дмитрий Викторович
Рядовой Лисанов Сергей Николаевич
Рядовой Пискун Алексей Иванович
Рядовой Божук Василий Владимирович

Вечная память павшим».

24 ліпеня 1995 года ў саборы адбылася вялікая ўрачыстасць – у ім прымалі Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і Ўсяе Русі Алексія ІІ. Да сабору з'ехаліся вернікі з усёй епархіі. Патрыярх узначаліў літургію. Пасля богаслужэння вернікі выйшлі з сабора і Хрэсным ходам накіраваліся да суседняй Хрысцільнай царквы. Гэта быў дзень памяці святой роўнаапостальнай княгіні Вольгі, і таму царкву асвяцілі ў яе гонар. Уладыка заклаў у сцяну царквы капсулу з Патрыяршай Граматай. Хрэсны ход быў завершаны спяваннем “Многая лета”.

Дарэчы, за гады свайго існавання сабор паспеў хаця б аднойчы прыняць усіх беларускіх епіскапаў.

24 лістапада 2004 года на 81-шым годзе жыцця памёр першы настаяцель Свята-Пакроўскага сабору перыяда незалежнасці – протаіерэй айцец Генадзь (Яблонскі). Ён нарадзіўся 15 сакавіка 1923 года ў сяле Гальшаны, калі Заходняя Беларусь яшчэ была ў складзе Польшчы. Да 1943 года працаваў вясковым настаўнікам і адначасова быў псаломшчыкам у дробным прыходзе вёскі Жамойды. Потым ажаніўся і паступіў у Духоўную семінарыю (гэта быў адважны ўчынак, улічваючы тагачасную атмасферу вакол царквы). А. Генадзь скончыў Ленінградскую семінарыю, а потым Духоўную Акадэмію. Працаваў настаяцелем у некалькіх прыходах РСФСР, БССР, ФРГ, ГДР. Удзельнічаў у міратворчых місіях у Еўропе, Афрыцы, Мадагаскары, а таксама на працягу 10 гадоў рэдагаваў часопіс “Stimme der Orthodoxie” (“Голос Православия”). Толькі ў лютым 1986 года ён вярнуўся ў Ваўкавыск, а потым быў прызначаны настаяцелем Свята-Ўладзімірскай царквы ў Гродна. З 1992 года да самай смерці быў настаяцелем Пакроўскага сабора. [5]

Ягоным наступнікам стаў айцец Аляксандр (Наздрын).

Напярэдадні свайго стагоддзя храм перажывае капітальны рамонт, мабыць, самы маштабны за ўвесь час свайго існавання.

Цяпер у саборы шануюцца абразы “Казанскай Маці Божай”, мошчы мучаніка дзіцяці Гаўрыіла Заблудаўскага, абразы ХІХ стагоддзя “Аляксандр Неўскі”, “Маці Божая Адзігітрыя”, “Гасподзь Саваоф”, “Гасподзь Саваоф і Ангелы”, “Сашэсце Святога Духа”, “Святая Прамудрасць сатвары сабе дом”, “Уваскрасенне”, цудатворны абраз Міколы Цудатворца.

Маюцца таксама частачкі ад крыжа Гасподня і камень з Гроба Гасподня, змешчаныя ў іконе Беларускіх Святых.

Амаль усе кіоты, расстаўленыя каля сцен, былі выраблены ў пачатку ХХ стагоддзя, аб чым сведчаць надпісы на іх. Таксама і ледзь не палова падсвечнікаў засталася з тых жа часоў.

Так, бяжыць час, змяняюцца дзяржавы, але духоўныя каштоўнасці застаюцца адвечнымі. Адным з іх выражэнняў з'яўляецца і наш Свята-Пакроўскі сабор. У параўнанні з іншымі падобнымі пабудовамі Гродна ён можа яшчэ і малады, але, будучы сам пабудаваны, як ваенны, ўжо паспеў перажыць тры вайны. Ён утрымлівае ў сабе памяць яшчэ аб двух далёкіх войнах – руска-японскай і афганскай. Дай Бог людзям розуму і добрай волі, каб пазбегнуць новых трагедый, новых сутыкненняў і новага гвалту. Наведвайце царкву.

Сцяпан СТУРЭЙКА

1 www.petergen.com/bovkalo/biogr/belduch.html 2 ГАГО, ф. 478, оп. 2, д. 38, с.14

3 ГАГО, ф. 478, оп. 1, д. 77, с. 108-109

4 Православный Гродно (автор и составитель И. Дорош). – Гродно, 2000, - с. 92

5 «Гродненские епархиальные ведомости», № 11, ноябрь 2004 г.

 

на главную страницу
сайта Гродненской епархии