Віншаванне са святам Нараджэння Хрыстова Высокапраасвяшчэннейшага Арцемія, архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага

Свет, у які прыйшоў Хрыстос, каб выратаваць яго ад граху, не захацеў прыняць свайго Збавіцеля. Таму і месца для Яго не знайшлося нідзе, нават у гасцініцы, і Прасвятая Багародзіца нарадзіла Сына Божага ў пячоры.

Сёння нам гэта карціна здаецца ідылічнай: у пячоры сярод хатніх жывёл нараджаецца Богадзіцятка. Але на самой справе гэта было страшна: пячора, якая служыла хлявом для жывёлы, стала месцам з’яўлення ў свет Збавіцеля. Нічога лепшага, акрамя хлява, свет не падрыхтаваў для Яго. Згодна са старажытным паданнем, у час нараджэння Сына Божага побач з Ім знаходзіліся вол і асёл, нібы ў знак таго, што “вол ведае ўладара свайго, і асёл яслі гаспадара свайго, а Ізраіль не ведае Мяне, народ Мой не разумее Мяне (Ісаі 1:3). Цар Ірад, цар таго народа, які першы сярод іншых народаў павінен быў прыняць Месію, шукае Богадзіця, каб знішчыць Яго.

У чым жа сэнс свята Нараджэння Хрыстова? Ды перш за ўсё ў тым, што, нягледзячы на тое, што ўвесь свет і ўсе сілы пекла паўсталі тады супраць гэтага безабароннага Богадзіцяці, Яно перамагло свет і пакарыла пекла. І справа была не толькі ў тым, што ў пячоры на свет з’явіўся Сын Божы, а справа была яшчэ і ў тым, што побач з Ім былі людзі – Прасвятая Багародзіца і праведны Іосіф, якім хапіла веры і сілы духу супрацьстаяць усім спакусам гэтага свету і пераадолець іх. Менавіта ім дваім у той момант давялося не толькі перажыць вялікае шчасце Нараджэння Хрыста, але і прайсці вялікае выпрабаванне, калі ў іх руках – руках чалавечых – знаходзіўся лёс цэлага свету, лёс нашага збаўлення, лёс Богадзіцяці.

Гісторыя нараджэння Хрыста загадвае нам заўсёды помніць пра тое, што вялікая радасць нараджэння ў свет Сына Божага суправаджалася вялікім выпрабаваннем веры тых, хто звязаў сябе з Ім ужо тады. Бог прыходзіць у свет, які ненавідзіць Яго, безабаронным Дзіцяткам і настолькі верыць чалавеку, што аддае Сябе ў яго рукі.

Свята Нараджэння Хрыстова нагадвае нам пра адну з найвялікшых хрысціянскіх ісцін: спачатку людзі дапамаглі ў гэтым свеце Богу, а потым Бог выратаваў гэты свет. І ў гэтым дзівосным супрацоўніцтве Бога і чалавека і ёсць сэнс нашага збаўлення.

Сэнс гэты якраз у сцвярджэнні чалавечай свабоды, свабоднага прыняцця чалавекам волі Божай, любві чалавека ў адказ на любоў Божую.

Бог уцялесніваецца, каб быць з намі на роўных, каб, падзяліўшы з намі наш лёс і пражыўшы нашым жыццём, атрымаць права сказаць нам пра Сябе і пра нас тую апошнюю ісціну, якія ніякім іншым спосабам не магла быць нам адкрыта. Ісціну аб тым, што няма ўжо той адлегласці, якая аддзяляла Бога і чалавека, няма непераадольных перашкодаў для сустрэчы Бога і чалавека – сам насам, твар да твару.

Сустрэча гэта адбываецца ў нашым сэрцы. Дзеля гэтай сустрэчы прыйшоў Гасподзь на зямлю, стаў чалавекам і пражыў чалавечае жыццё, перанёс пакуты і смерць на крыжы, уваскрэс з мёртвых і ўзышоў на неба. Усё гэта дзеля таго, каб адбылася дзівосная сустрэча, каб разбурылася перашкода паміж Богам і чалавекам, узведзеная чалавечым грахом.    

І менавіта таму ў Нараджэнні Хрыста адбываецца суцэльнае аднаўленне чалавечай прыроды. Не толькі ў тым адзіным Нараджэнні Хрыста, якое адбылося дзе тысячы гадоў назад у Віфлееме, але і ў тым нараджэнні Збавіцеля, якое зноў і зноў адбываецца ў нашых душах.   

Найвялікшы цуд Богаўцялеснення ў тым, што, адбыўшыся аднойчы ў гісторыі, яно паўтараецца ў кожным чалавеку, які прыходзіць да Хрыста.

Няхай свята Нараджэння Хрыстова стане святам нараджэння Сына Божага ў нашай душы і святам нашага адраджэння ў Хрысце, каб у нашых душах нарадзілася Слова Божае і напоўніла нас благадаццю, святлом і святасцю…

Разделы сайта:

Главное меню

Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut